ЮБІЛЕЙНЫ ВЕЧАР АНСАМБЛЯ ХАРОШКІ
У 2019 годзе адзначае юбілей адзін з сімвалаў беларускага нацыянальнага мастацтва – Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі беларусь Валянціны Гаявой. Сваё 45-годдзе знакаміты калектыў святкуе серыей юбілейных канцэртаў, фінальным акордам якой стане маштабная імпрэза ў Вялікім тэатры Беларусі 23 лістапада.

Нават касцюмы ансамбля “Харошкі” маюць мастацкую і этнаграфічную каштоўнасць, бо амаль кожны эскіз таксама з’явіўся ў выніку сур'ёзнай даследчай работы. Многія з іх (усяго звыш 6000!) неаднойчы экспанаваліся на самых прэстыжных выставах.
Усё 45-гадовае існаванне ансамбля “Харошкі” абвеяна святлом вялікай асобы – мастацкага кіраўніка калектыву Валянціны Іванаўны Гаявой. Менавіта яна – яскравы таленавіты харэограф і мудры настаўнік – з’яўляецца пуцяводнай зоркай “Харошак”, якая вызначае сучаснасць і будучыню калектыву, і менавіта ёй калектыў абавязаны сваёй славутай гісторыяй. За 45 гадоў створаны не адзін дзесятак аўтарскіх праграм, якія нават называюць фальклорнымі балетамі, а сам ансамбль “Харошкі” – тэатрам танца Валянціны Гаявой.
Адзін з найбольш каштоўных дыяментаў сваёй скарбніцы – “Полацкі сшытак”, маляўнічыя карціны беларускай старажытнасці – “Харошкі” прэзентуюць і падчас імпрэзы ў Вялікім тэатры. Ансамбль рыхтуе і сюрпрыз – прэм’еру новага музычна-харэаграфічнага твора. Наогул, святочны канцэрт будзе незвычайным нават для гэтага калектыву: у адзінай праграме аб’яднаюцца не толькі даўніна і сучаснасць беларускай культуры, але і яе розныя стылявыя вектары – народны і акадэмічны, бо на сцэну тэатра ў гэты вечар выйдуць таксама і знакамітыя артысты Вялікага тэатра.
Квіткі: